Название книги:

1939 год і Беларусь. Забытая вайна

Автор:
Анатоль Трафімчык
1939 год і Беларусь. Забытая вайна

ОтложитьЧитал

Шрифт:
-100%+

У афармленні вокладкі выкарыстана фатаграфія, на якой адлюстравана сяброўская сустрэча савецкіх і нямецкіх вайскоўцаў у Брэсце ў верасні 1939 г.

© Трафімчык А.В., 2014

© ІП А.М. Янушкевіч, 2014

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Прадмова

Аўтару гэтых радкоў яшчэ з малалецтва, знаходзячыся іншым разам пад наглядам дзеда, даводзілася чуць аповеды пра жыццё «за польскім часам». Стваралася ўражанне, што ў тагачаснага пакалення жыццё разбілася на два перыяды: польскі і савецкі (нямецкая акупацыя і масавы прызыў у Чырвоную Армію ў 1944 г. з адсылкай на фронт стаялі чамусьці ўбаку і займалі месца няшмат). Зрэшты, так яно і было. Бо «за Польшчай» засталася маладосць таго пакалення.

У чутых аўтарам успамінах, зразумела, не было глыбокага аналізу падзей, супастаўленняў і параўнанняў. Некаторыя дзяды яшчэ доўга не выказваліся – баяліся. Хоць часы пасля развалу СССР насталі ўжо даволі спакойныя. Але ад аповедаў звычайна веяла нейкім метафізічным арэолам загадкавасці. Ужо тады карцела даведацца, куды і як тое знікла, растварылася. Тут звычайна наступаў прагал. Збольшага згадваліся «першыя саветы» – як заканчэнне «таго, што раньш было». Дзіцячая цікаўнасць заставалася незадаволенай.

Дзяцінства кожнага чалавека ў многім спрычыняецца да яго дарослага шляху. Гэта банальная ісціна спрацавала і ў дачыненні да кнігі, якую вы трымаеце ў руках. У гады студэнцтва ў сярэдзіне 1990-х гг. я зноў выйшаў да тэмы змены эпох – з польскай на савецкую. Дапамог выпадак (хоць сёння ён бачыцца пэўнай заканамернасцю) – сустрэча з прафесарам Міхаілам Андрэевічам Дабрынінам. Пратоптванне новых сцяжын вялося па яго каштоўных падказках. Далей – болей. Скрупулёзная праца ў беларускіх і польскіх архівах. Кансультацыі з навуковымі спецыялістамі розных краін. Абарона дысертацыі ў Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Шматлікія публікацыі ў айчынным і замежным друку. Чым глыбей даследаваўся той пераломны час, тым багацейшым ён адкрываўся на грамадскія з’явы, аналітычныя аспекты і ўвогуле розныя нюансы ды парадоксы…

Падзеі 1939 г., звязаныя з пачаткам Другой сусветнай вайны, не ўзніклі на голым месцы. Да іх чалавецтва ішло два дзесяцігоддзі. Пра гэта апублікавана нямала кніг і артыкулаў. Аднак у іх шматлікасці не знаходзіцца месца факусіраванню на беларускай краіне і яе народзе. А такі погляд, між іншым, выяўляе дадатковыя грані гістарычных падзей, часам нечаканыя павароты – як беларускай гісторыі, так і агульнаеўрапейскіх міжнародных адносін. Сёння, калі мінула тры чвэрці стагоддзя і жывых сведак становіцца ўсё меней, асабліва важна асэнсаваць шмат у чым шырокавядомы факталагічны матэрыял, прадставіўшы яго як праз прызму бачання тагачасных беларусаў, так і з гледзішча рацыі Беларусі як сучаснай дзяржавы і суб’екта міжнароднай палітыкі. Гэтая работа і паклікана дапамагчы разабрацца ў падзеях, якія паклалі пачатак Другой сусветнай вайне на Беларусі.

Задача ставіцца няпростая. У 1920–1930-я гг. беларускі край апынуўся паміж двух агнёў – панскай Польшчай і бальшавіцкай Расіяй, якія падзялілі яго паміж сабой у 1921 г. Таму і ўспрыманне сацыяльна-палітычных і ваенных калізій па абодва бакі мяжы, якая на дваццаць гадоў разлучыла беларускі народ, было адрозным.

Інтэрпрэтацыі гістарычных падзей у гісторыкаў з розных краін часта абумоўленыя ідэалагічнай заангажаванасцю. А гістарычная навука Савецкага Саюза наогул не дапускала беларускага нацыянальнага пункта гледжання. Панавалі агульнасавецкія (марксісцка-ленінскія) трактоўкі, якія атаясамляліся хутчэй з расійска-імперскімі, чым з беларускімі поглядамі, падыходамі і ацэнкамі. Часта ў даследаваннях гісторыкаў меў месца аднабаковы падбор фактаў – прыхоўваліся звесткі, якія ішлі ў разрэз з прынятай дагматычнай канцэпцыяй. Так, савецкая гістарыяграфія настойліва абвяргала дзеянні кіраўніцтва СССР, якія былі скіраваны не на справу міру, супрацьстаўляючы ў гэтым сэнсе Краіну Саветаў усяму свету. У падручніках і абагульняючых працах тэме Заходняй Беларусі адводзілася нашмат меней месца, чым БССР, хоць краіна была падзелена прыкладна на роўныя часткі.

Бачанне падзей напярэдадні і на пачатку Другой сусветнай вайны праз прызму гісторыі Беларусі і яе народа па сённяшні час выглядае бедна ў беларускіх публікацыях – і ў навуковых, і ў папулярных. А без яго немагчыма асэнсаваць значэння таго гістарычнага пералому як у міжнародным кантэксце, так і ўласна ў рэчышчы беларускай гісторыі, культуры і ідэнтычнасці нацыі. Ліквідацыя гэтага прагалу – таксама актуальная задача. Напрацоўкі даследчыкаў з суседніх краін не заўсёды даюць вычарпальныя адказы, бо іх мала цікавіць Беларусь як самастойны, самадастатковы арганізм. Таму ў нашым выпадку прынцыповай справай стала канструяванне і тлумачэнне падзей 1939 г. – пачатку Другой сусветнай вайны і аб’яднання дзвюх частак Беларусі пад савецкім крылом – зыходзячы з іх значэння для Беларусі, засяроджванне ўвагі на беларускіх лініях і сюжэтах.

Па словах вядомага чэшскага пісьменніка Мілана Кундэры, «ніводную гістарычную падзею нельга лічыць агульнавядомай». Многія звесткі чытачам будуць збольшага (а часам шырока да банальнасці) знаёмымі. Але надзвычай важна нават «заезджаную» інфармацыю суадносіць і супастаўляць у святле значэння для Беларусі і для беларускага народа. Такі падыход іншым разам даваў неверагодныя вынікі, якім не раз даводзілася здзіўляцца і мне самому. Часам было неабходна толькі паглядзець на знаёмы матэрыял, даўно ўведзены ў навуковы зварот, пад беларускім ракурсам – як дзяржаўна-нацыянальным, так і чалавечым. Пакрысе рабілася зразумела, што кніга не толькі адкажа на многія пытанні, якія турбавалі з дзяцінства, але і адкрые новыя праблемы, даследчыцкія далягляды ў вывучэнні таго найскладанейшага часу.

Каб глыбей зразумець падзеі катастрафічнага для свету 1939 г., неабходна пачаць вывучэнне з вынікаў Першай сусветнай вайны. Беларусь тады ўпершыню акрэслілася ў якасці не проста краіны, этнічнай вобласці, але і адміністрацыйнай адзінкі. Калі дагэтуль Беларусь як такая існавала толькі для даследчыкаў, якія вывучалі яе культуру і этнаграфію, дык з утварэннем Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г. і наступнымі бальшавіцкімі праектамі ў выглядзе савецкіх рэспублік беларускія пытанні стала занялі месца на міжнароднай арэне. Натуральна, сітуацыя падзеленасці Беларусі паміж Расіяй і Польшчай з адначасовым усталяваннем паняцця «Заходняя Беларусь» стала грунтам для кардынальных сацыяльна-палітычных трансфармацый у будучыні. Таму для яснасці ў рэпрэзентацыі матэрыялаў прысутнічаюць дзве плоскасці палітычных падзей:

• сусветны (еўрапейскі) кантэкст – як фон, на якім вылучаецца гісторыя Беларусі, і як глеба, на якой «гадавалася» палітычнае развіццё беларускай зямлі;

• непасрэдны беларускі фокус – калі ў цэнтр увагі ставіцца Беларусь як аб’ект і суб’ект еўрапейскай палітыкі.

Зразумела, найбольш пільная ўвага ў кнізе прыкавана да падзей восені 1939 г. Умоўна іх можна падзяліць на дзве часткі:

• вызваленне / уз’яднанне / анексія / акупацыя Заходняй Беларусі. Тут стаяла мэта паказаць, як праектавалася дыпламатычнае, а затым і ваеннае разгортванне падзей;

• саветызацыя (усталяванне савецкага рэжыму) і яе наступствы. Тут цікавіць пытанне, з чым ішлі бальшавікі на заходнебеларускія землі і што насамрэч прынеслі.

Гэтай кнігі як выніку працяглых даследаванняў і рэфлексій не атрымалася б без інтэнсіўных кантактаў і плённага супрацоўніцтва з даследчыкамі самых розных краін, перадусім Беларусі і суседзяў. Акрамя М. Дабрыніна (Брэст), якога, на жаль, ужо няма на гэтым свеце, у першую чаргу трэба згадаць Уладыслава Фёдаравіча Версцюка (Кіеў), Фёдара Данілавіча Клімчука (Мінск), Яўгена Мірановіча (Беласток), Захара Васілевіча Шыбеку (Хайфа). Усім ім я выказваю асаблівую ўдзячнасць.

Выданне, якое вы трымаеце ў руках, на жаль, не змогуць прачытаць бацькі аўтара. Народжаныя «за Польшчай» Віктар Трафімчык і Яніна (у дзявоцтве Муха) – адпаведна ў 1937 і 1939 гг. – не так даўно адышлі ў вечнасць. Іх светлай памяці і прысвячаецца гэтая кніга.

* * *

Спадзяюся, што гэтае знаёмства з драматычнымі падзеямі 1939 г. не проста запатрабуе, а прымусіць шаноўнага чытача дадаткова думаць, разважаць, шукаць. Прымусіць кожнага, хто гэтым выданнем не пагрэбуе.

Раздзел I. На парозе новай эпохі: свет і Беларусь пасля Першай сусветнай вайны

Першая сусветная вайна і новая канфігурацыя сіл у свеце

1914–1918 гг. былі азмрочаны для чалавецтва вайною, у якой прынялі ўдзел вядучыя дзяржавы свету, уцягнуўшы ў бурхлівы вір і многія невялікія народы. Лідар бальшавікоў Уладзімір Ленін пасля першага года вайны справядліва выказаўся:

«это есть война между двумя группами разбойнических великих держав из-за дележа колоний, из-за порабощения других наций, из-за выгод и привилегий на мировом рынке».

Галоўнай прычынай вайны стала імкненне перадусім Германскай імперыі, якая ўтварылася толькі ў 1870 г., да перадзелу свету, у прыватнасці, заморскіх калоній. Зразумела, ні Вялікабрытанія, ні Францыя, ні іншыя краіны не жадалі страчваць набытыя рознымі шляхамі землі на глобусе, які з пачатку ХХ ст. пачаў увачавідкі цяснець.

Расійская імперыя таксама разраслася. Аднак у адрозненне ад іншых вялікіх дзяржаў, якія павялічвалі свае плошчы за кошт заморскіх уладанняў, Расія ад ХVІ да ХІХ ст. узбуйнілася на еўразійскім мацерыку: з’яўляючыся спачатку Маскоўскім княствам, абвясціла сама сябе царствам. Яна ўвесь час захоплівала землі суседзяў, а затым, пры Пятры І, ператварылася ў Расійскую імперыю і з поспехам паднявольвала тэрыторыі, дзе дзяржаўнасць:

• толькі зараджалася, – напрыклад, у Сібіры;

• мела старажытны характар, хоць агульны культурны ўзровень заставаўся параўнаўча адсталым (лепей сказаць, спецыфічным), – краіны Сярэдняй Азіі;

 

• узнікла раней, чым на землях паўночна-ўсходняй Русі, і мясцовыя народы паспелі далучыцца да еўрапейскай цывілізацыі, – сённяшнія Беларусь і Украіна, а таксама прыбалтыйскія краіны.

Апетыты заходніх каланіяльных дзяржаў за ХІХ ст. трохі зменшыліся, бо больш ужо не было куды разрастацца. А ў Расіі наадварот – выспела дактрына «вызвалення» славянскіх братоў на Балканах і Канстанцінопаля як галоўнага праваслаўнага цэнтра, які ўжо некалькі стагоддзяў знаходзіўся ў складзе Асманскай імперыі (Турцыі). Мара пра Басфор і Дарданелы – пралівы па шляху з Чорнага ў Міжземнае мора – зрабілася навязлівай у галовах расійскіх цароў, палітыкаў і генералаў. Яшчэ адным падобным трызненнем стала фантастычная ідэя «памыць боты» ў Індыйскім акіяне.

У заключнай трэці XIX ст. у Еўропе паўсталі дзве амбітныя дзяржавы – Германія і Італія – з магутным інтэлектуальным патэнцыялам і глабальнымі каланізатарскімі замашкамі. Да Першай сусветнай вайны на міжнароднай арэне ўтварылася наступная расстаноўка сіл: з аднаго боку паўстаў Чацвяртны саюз у складзе Германскай, Аўстра-Венгерскай і Асманскай імперый, а таксама Балгарыі, з другога ўтварылася Антанта, дзе рэй вялі Вялікабрытанія (Англія), Францыя, Расія.

Усяго ў вайне прынялі ўдзел 38 (з 55 існуючых) дзяржаў з насельніцтвам 1,5 млрд чалавек (87 % ад усяго насельніцтва зямлі), у войскі было мабілізавана каля 75 млн чалавек (так, на Беларусі ў расійскую армію быў рэкрутаваны кожны другі мужчына).

Лічбы ахвяр уражваюць: больш за 10 млн забітых і памерлых ад ран салдат, каля 12 млн мірных жыхароў былі забіты ці памерлі ад эпідэмій і голаду, не менш за 20 млн было паранена альбо пакалечана. У розных крыніцах лічбы могуць адрознівацца. Але іх маштаб паўсюль аднолькавы: лік ішоў на дзясяткі мільёнаў!

Першая сусветная вайна, як прынята лічыць, закончылася 11 лістапада 1918 г. Па яе выніках Германія прайграла і моцна абмяжоўвалася, перадусім у ваенным патэнцыяле. Аўстра-Венгерская і Асманская імперыі зусім распадаліся.

Адбыўся своеасаблівы «парад суверэнітэтаў» – дзяржаўнасць атрымалі многія малыя народы Еўропы. Дастаткова ўспомніць суседзяў Беларусі: Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію. Але не ва ўсіх спраўдзілася спроба здабыцця незалежнасці ў канцы Першай сусветнай вайны: не стала паўнавартаснай дзяржавай Беларуская Народная Рэспубліка, дый Украіна не ўтрымалася як незалежная дзяржава – і гэта нягледзячы на мацнейшую нацыянальную самасвядомасць насельніцтва і мабілізацыю баяздольных узброеных сіл, а таксама знешнюю падтрымку.

Калі кажуць, што па выніках Першай сусветнай вайны распалася і Расійская імперыя, гэта, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасці. Бальшавікі, якія на працягу 1917 г. змаглі змяніць царскую ўладу і Часовы ўрад, захавалі нядаўнюю «турму народаў» (па трапным выказванні У. Леніна), утрымаўшы ў яе лоне не толькі Беларусь і Украіну, але і каўказскія і сярэднеазіяцкія народы. Стратамі аказаліся Фінляндыя, Польшча, Прыбалтыка. Аднак і гэтыя аддзяленні Крамлём разглядаліся як тактычныя і, адпаведна, часовыя. А створаны самімі бальшавікамі міф пра распад Расійскай імперыі быў ім выгадны: пасля знішчэння «турмы народаў» («стары парадак мы зруйнуем») на яе расчышчаным месцы мела паўстаць светлая камуністычная будучыня («і свет на новы лад збудуем» – вядомыя словы з камуністычнага гімна «Інтэрнацыянал»).

Геапалітычная сістэма пасляваеннай светабудовы атрымала назву Версальска-Вашынгтонскай – ад гарадоў, дзе на працягу 1919 г. былі ўкладзены асноўныя дамоўленасці. Тым не менш, адзін з французскіх генералаў публічна заявіў, што насамрэч вайна не скончана – наступіў толькі перапынак у баявых дзеяннях. Час паказаў рацыю вайскоўца.

Галоўнай прычынай адтэрміноўкі заканчэння Першай сусветнай вайны сталі надзвычай умелыя, эфектныя – як у тактыцы, так і на перспектыву – палітычныя дзеянні бальшавікоў. Бальшавіцкая партыя на чале з Леніным змагла дамовіцца з Берлінам аб вялікіх субсідыях на дэстабілізацыю абстаноўкі ўнутры Расіі шляхам рэвалюцыі і забеспячэнні яе далейшага выхаду з вайны. Германія ваявала на два франты, што вяло яе да паражэння, а добраахвотны выхад з вайны Расіі ліквідаваў бы адзін фронт, нават больш таго – узмацніў бы нямецкую эканоміку і армію рэпарацыямі. З іншага боку, бальшавікі адпусцілі ў незалежнае жыццё некалькі краін з Расійскай імперыі, не столькі з-за сваёй дабрыні і дэмакратычнасці, колькі з прычыны адсутнасці магчымасцей утрымаць фінаў і палякаў у лоне «турмы народаў» (а спробы ўтрымаць былі). На пачатковым этапе савецкай уладай ставілася задача замацавацца прынамсі на абмежаванай тэрыторыі і захаваць «ачаг» камуністычнай рэвалюцыі.

Бальшавікі глядзелі далей, чым кіраўніцтва заходніх краін, і тым больш, чым палітыкі новапаўсталых дзяржаўных утварэнняў. Галоўнай, канчатковай мэтай, якую бачыў Ленін, была сусветная рэвалюцыя, у тым ліку ў Германіі. Таму ён быў гатовы аддаваць (і тым больш абяцаць!) любыя матэрыяльныя багацці (грошы, каштоўнасці, землі), спадзеючыся, што скора ўсё вернецца пад іх уладу. Прывядзём словы лідара савецкай Расіі:

«Уступленными областями все равно владеть не будут, так как русская революция перекатится в ближайшее время не только в Германию, но и в другие воюющие государства».

Класічным стаў выраз пра адсутнасць сяброў у дзяржавы пры наяўнасці яе інтарэсаў. Але бальшавікі нават інтарэсы дзяржавы ставілі ніжэй вартасцей і мэтаў сваёй ідэалагічнай праграмы.

Яны добра разумелі, што толькі ўласнымі намаганнямі будзе цяжка распаўсюдзіць рэвалюцыю на Захадзе, таму спадзяваліся не толькі і нават не столькі на свае сілы. Ускладалася надзея на зацягванне вайны (менавіта гэты матыў абумовіў імкненне вывесці Расію з барацьбы супраць Германіі, каб апошняя свае сілы, якія былі на зыходзе, кінула на больш моцныя Англію і Францыю, да якіх далучыліся ў 1917 г. ЗША). Гэта б знясіліла Захад. Бальшавіцкая Расія, атрымаўшы перадышку, мелася аднавіць свой патэнцыял. Зацягнутая імперыялістычная вайна, па меркаванні бальшавіцкіх ідэолагаў (пра гэта адкрыта казаў Ленін), павінна была таксама распаліць сацыяльныя пачуцці (замест нацыянальных) у ваюючых народаў да такой ступені, каб зброя ў руках салдат была развернута на 180 градусаў – са знешняга ворага на ўнутранага, г. зн. на буржуазію і паноў у сваёй дзяржаве.

Бальшавіцкія планы, аднак, не рэалізоўваліся гладка. Хоць Чырвонай Арміі і ўдалося ўтрымаць уладу на большай частцы былой Расійскай імперыі, але з дзеяннямі па-за яе межамі атрымаўся пралік. Германія выйшла з Першай сусветнай вайны несвоечасова – з гледзішча стратэгіі бальшавікоў. Ленін жадаў бачыць гэты працэс вясной, самае позняе – у ліпені 1918 г.:

«Если бы германская революция вспыхнула и победила в ближайшие три-четыре месяца, тогда, может быть, тактика немедленной революционной войны не погубила бы нашей социалистической революции».

У Германіі ўспыхнула рэвалюцыя ў лістападзе 1918 г., і яна сапраўды прыспешыла капітуляцыю Чацвяртнога саюза. Здавалася, рэвалюцыйныя падзеі, згодна з планамі бальшавікоў, перакінуліся і на іншыя еўрапейскія краіны (акрамя Германіі, сацыялісты ўзялі ўладу на некаторы час у Венгрыі і Славакіі). Але Чырвоная Армія на той момант не магла аказаць дзейснай дапамогі, бо завязла ў барацьбе супраць унутраных контррэвалюцыйных і нацыянальна-вызваленчых сіл аж да 1921 г. Калі ўнутры Расіі бальшавікі атрымалі канчатковую перамогу, у Еўропе патэнцыяльныя асяродкі распальвання рэвалюцыі былі ліквідаваныя. Свет уступіў у фазу адносна стабільнага існавання. Народы былі стомленыя вайною, яе бедствамі і, натуральна, не хацелі працягу канфліктаў і эскалацыі палітычнай напружанасці.

У выніку на міжнароднай геапалітычнай арэне сфарміраваліся тры асяродкі:

• Англія, Францыя, ЗША. Гэтыя дзяржавы захавалі сваю магутнасць і ўплывы, а ЗША значна павялічыла сваё значэнне ў сусветнай палітыцы. Новая светабудова іх задавальняла, акрамя аднаго, даволі прынцыповага факта і фактара – Савецкай Расіі (з 1922 г. – СССР). Гэта быў ідэалагічны вораг і эканамічна нязручная краіна. Калі Захад і даваў ёй права на існаванне, дык толькі часовае (але яшчэ не меў пэўных стратэгій на будучыню, яны пачалі выкрышталізоўвацца недзе на пераломе 1920–1930-х гг. і мелі на мэце скіраванне германскіх апетытаў на ўсход, г. зн. на Савецкі Саюз).

• Германія і краіны, якія прайгралі ў Першай сусветнай вайне і сталі ў пэўным сэнсе ізгоямі. У іх адразу зарадзіліся ідэі рэваншызму. Сюды ж можна дадаць краіны, якія тым часам павялічвалі сваю магутнасць і сталі прэтэндаваць на большае значэнне ў геапалітычным кантэксце (Японія, Італія). Палітыкі гэтага шэрагу краін не былі задаволены існай раскладкай сіл у свеце. Але галоўны рэваншыст – Германія – пакуль быў моцна абмежаваны па ўмовах капітуляцыі.

• СССР. Краіна Саветаў вымушана была сцвярджаць сваё права на існаванне, прарываць палітычную і эканамічную блакаду. З-за камуністычнай дактрыны, якая пужала свет, СССР стаў яшчэ адным ізгоем і быў вымушаны пагадзіцца з існаваннем капіталістычнага акружэння. Але – як думаў спярша Ленін, а пасля і І. Сталін – пагадзіцца толькі часова. Стратэгія была нязменнай: у выніку новай сусветнай вайны, пасварыўшы вядучыя капіталістычныя краіны, аслабіць іх і распаўсюдзіць як мага шырэй сацыялістычны лад.

Дарэчы, менавіта Ленін адным з першых загаварыў пра магчымасць і верагоднасць Другой сусветнай вайны. Калі стала ясна, што распаўсюджванне сусветнай рэвалюцыі адкладваецца, у канцы 1920 г. ён заявіў:

«Мы кончили одну полосу войн, мы должны готовиться ко второй; но когда она придет, мы не знаем, и нужно сделать так, чтобы тогда, когда она придет, мы могли быть на высоте».

Такім чынам, перспектыву найбольш ясна бачылі бальшавікі. Астатнія два асяродкі мелі жаданні, але не канкрэтныя планы і раскладкі. Аморфная, ілюзорная ідэя «светлай будучыні» камуністаў не павінна ўводзіць у зман і ствараць уражанне іх адарванасці ад рэчаіснасці. Савецкія палітыкі глядзелі на свет вачыма рэалістаў, загадзя выпрацоўваючы тактыку і стратэгію дзеяння.

Беларусь – пляцоўка для вайны: высвятленне адносін паміж новай Польшчай і бальшавікамі

Польская дзяржаўнасць адсутнічала больш чым стагоддзе: у 1795 г. Расія, Прусія і Аўстрыя канчаткова падзялілі Рэч Паспалітую Абодвух Народаў. Аднак польскі нацыянальны дух не заняпаў – палякі плённа развіваліся ў нацыянальна-культурным плане, не перастаючы марыць аб аднаўленні дзяржаўнасці. Яна сталася магчымай у выніку Першай сусветнай вайны, якая спярша ўгнаіла глебу для сацыялістычных рэвалюцый у Расіі і Германіі, пасля чаго новыя ўлады былі не ў сілах утрымаць многія народы ў іх імкненні да незалежнасці.

11 лістапада 1918 г. – фактычна адначасова з рэвалюцыяй у Германіі і заканчэннем Першай сусветнай вайны – Польшча абвясціла аб сваёй незалежнасці. Заўважым, што новапаўсталая польская дзяржава называлася «Rzeczpospolita Polska», што ў перакладзе азначае «Польская Рэспубліка», а не ІІ Рэч Паспалітая, як часцей за ўсё называюць міжваенную Польшчу. Межы адноўленай Польшчы ўсталёўваліся Версальскай дамовай. Антанта змагла збольшага ўрэгуляваць нямецка-польскае размежаванне. Аднак усходняя мяжа Польшчы заставалася вялікай праблемай. Спрэчкі, у тым ліку ваеннага характару, разгарэліся з Украінай (за Львоў), Літвой (за Вільню) і Савецкай Расіяй – самым сур’ёзным ворагам (за беларускія землі).

Сярод польскіх кіраўнікоў не было агульнай палітычнай канцэпцыі дзяржаўнага ўладкавання. Лакалізацыя новай Польшчы ў межах яе этнічных тэрыторый, на думку аднаго з польскіх лідараў Рамана Дмоўскага, прывяла б у будучыні да знікнення польскай дзяржавы. У адрозненне ад Савецкай Расіі, якая прэтэндавала на ўсю Польшчу, апошняя імкнулася пашырыць сваю тэрыторыю толькі за кошт «крэсаў» (польск. ускраін), на якіх пражывала пэўная колькасць этнічных палякаў ці спаланізаваных тутэйшых. У сучаснай польскай гістарыяграфіі існуе меркаванне, што спачатку кіраўніцтва Польшчы настойвала на аднаўленні межаў 1772 г., каб пазней – з улікам сітуацыі ў асобных рэгіёнах былой Рэчы Паспалітай – часткова адмовіцца ад разлеглых абшараў на ўсходзе і дамагацца на захадзе тых зямель, на якіх пражывалі палякі.

Іншы польскі лідар Юзаф Пілсудскі (беларус па паходжанні) марыў пра аднаўленне гістарычнай Рэчы Паспалітай як федэрацыі народаў (разам з літоўцамі, беларусамі, украінцамі). У такой дзяржаве, на яго думку, галоўную палітычную лінію будуць праводзіць палякі (як гэта і было ў старой Рэчы Паспалітай). Такая ідэя падобная да рэалізаванай у 1922 г. бальшавіцкай задумы па стварэнні Саюза ССР (дзе кіраванне ажыццяўлялася з Крамля).

Аднак Ю. Пілсудскі, нягледзячы на сканцэнтраванасць у сваіх руках ваеннага патэнцыялу Польшчы, не з’яўляўся самай уплывовай асобай ва ўнутранай палітыцы. Тут верхаводзіў Р. Дмоўскі. Абапіраючыся на насельніцтва этнічных польскіх зямель, якому федэрацыйная ідэя была не зусім зразумелая, непатрэбная і чужая, прыхільнікі ўнітарнай дзяржавы бачылі ў яе складзе толькі тую мясцовасць на ўсходзе, дзе дамінавала польская культура. Вільня і Львоў лічыліся адназначна польскімі. А вось ужо Мінск такім не з’яўляўся, затое землі на захад ад яго таксама павінны былі ўвайсці ў Польскую Рэспубліку. І гэта не звяртаючы ўвагі на тое, што на прасторах ад Мінска да Вільні, Беластока і Брэста пераважала беларускае этнічнае насельніцтва і лічба палякаў не перавышала 10 %. Назвацца палякамі маглі спаланізаваныя беларусы, якія, па-першае, вызнавалі каталіцызм, а па-другое, былі шляхецкага паходжання (сярод гэтай катэгорыі грамадства існавала тэндэнцыя лічыць сябе палякамі, прадстаўнікамі нібыта вышэйшай культуры; ускосным аргументам з’яўляецца тое, што шляхты ў Беларусі было прыкладна столькі ж, колькі і польскай / спаланізаванай часткі насельніцтва – 10–15 %).

 

Які з двух праектаў дзяржаўнага будаўніцтва рэалізоўваецца польскім бокам, доўгі час было не зразумела. Адразу пасля абвяшчэння незалежнасці і паралельна з зыходам нямецкіх акупацыйных войскаў з пачатку 1919 г. польскія легіёны рушылі на ўсход – як на свае тэрыторыі. З іншага боку, таксама лічачы гэтыя абшары сваімі, насоўвалася Чырвоная Армія. Яна дзейнічала з апераджэннем, але не ўяўляла магутнай сілы, бо тым часам у Расіі ва ўсю шугала полымя грамадзянскай вайны. Неўзабаве польскія легіёны сутыкнуліся ў баях з Чырвонай Арміяй. Так распачалася польска-савецкая вайна.

Бальшавікі яшчэ Дэкрэтам Савета Народных Камісараў ад 29 жніўня 1918 г. заявілі аб адмове ад пагадненняў былой Расійскай імперыі з Прусіяй і Аўстрыяй аб падзеле Рэчы Паспалітай. Гэтае рашэнне, здавалася, павінна было абнадзеіць польскае кіраўніцтва. Аднак на практыцы ўсё аказалася інакш.

1 студзеня 1919 г. з падачы Крамля была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, у лютым перафарматаваная ў Літоўска-Беларускую ССР. Мэту яе паяўлення разглядзець даволі проста – заявіць пра няпольскасць спрэчнай беларускай тэрыторыі. З гэтым, аднак, польскі ўрад не палічыўся і распачаў вайну на ўсходзе.

Можна выдзяліць тры фазы актыўных дзеянняў савецка-польскай вайны на тэрыторыі Беларусі:

• 1-я: наступленне палякаў (зіма – лета 1919 г.);

• 2-я: наступленне бальшавікоў (май – ліпень 1920 г.);

• 3-я: наступленне палякаў (другая палова жніўня – кастрычнік 1920 г.).

У выніку першай фазы вайны польскія войскі дайшлі да Бабруйска ўключна, наблізіўшыся да мары федэралістаў – мяжы Рэчы Паспалітай 1772 г. З бальшавікамі польскія палітыкі спадзяваліся знайсці паразуменне, бо «белы» рух прынцыпова не пагаджаўся з прэтэнзіямі Польшчы на тэрыторыю на ўсход ад Буга, г. зн. на беларускія землі. Антанта (з мэтаю дапамогі белагвардзейцам) патрабавала ад Польшчы зменшыць тэрытарыяльныя апетыты і прапанавала правесці мяжу, якая прыкладна адпавядала б этнічнаму польска-беларускаму падзелу і ў агульных рысах стала мяжою паміж Польшчай і Беларуссю пасля Другой сусветнай вайны (г. зв. «лінія Керзана»). Але гэтага патрабавання, як і савецкай прапановы правесці плебісцыт на Беларусі па пытанні дзяржаўнага ўладкавання, палякі не прынялі.

Другая фаза польска-савецкіх баёў на беларускіх землях пачалася з наступлення Чырвонай Арміі на чале з Міхаілам Тухачэўскім у другой палове мая 1920 г. Была выкарыстана перавага пасля перакідвання асноўных польскіх войскаў на Украіну, а савецкіх – з франтоў грамадзянскай вайны. Аднак упэўненае наступленне Чырвонай Арміі ажыццявілася толькі ў ліпені, калі фактычна за месяц яна пераадолела адлегласць ад Бабруйска да Варшавы.

Бальшавіцкае кіраўніцтва аспрэчыла ноту міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Керзана адысці на рэкамендаваную лінію, як і польскую прапанову правесці плебісцыт (ідэя апытання аб самавызначэнні народа ўзнікала ў кожнага з бакоў тады, калі яна была выгаднай для іх). Шэраг перамог у грамадзянскай вайне даваў падставы лічыць магчымым распаўсюджванне сацыялістычнай рэвалюцыі ў краінах Заходняй Еўропы. Польшча, якая ляжала на шляху, бачылася пераможанай. Як дэклараваў у загадзе М. Тухачэўскі:

«на Западе решаются судьбы мировой революции. Через труп белой Польши лежит путь к мировому пожару. На штыках понесем счастье и мир трудящемуся человечеству. На Запад!»

Тагачасныя лозунгі на штандарах частак Заходняга Фронту «На Варшаву!», «На Берлин!», клічы «Даешь Варшаву!», «Даешь Берлин!» з’яўляліся ў сціслым выглядзе праявай далёкіх і самаўпэўненых геапалітычных планаў У. Леніна і Л. Троцкага.

Аднак нечакана становішча перавярнулася на 180 градусаў – адбыўся, як любяць казаць палякі, «цуд на Вісле». Трэцяя фаза польска-савецкай вайны характарызуецца такім жа імклівым наступленнем легіёнаў Ю. Пілсудскага, якое праяўлялі напярэдадні войскі М. Тухачэўскага. Перадавыя сілы апошняга настолькі адарваліся ад тылоў, што калі ўзнікла неабходнасць задзейнічання рэзерву, падпіткі зброяй і боепрыпасамі, а таксама харчовага забеспячэння, Чырвоная Армія апынулася на мяжы катастрофы. Апошнім крокам да разгрому бальшавіцкіх войскаў стала ўдалая праца польскай разведкі, якая разгадала планы праціўніка. Да пералічанага варта дадаць і істотную дапамогу палякам з боку Англіі і Францыі (зброяй і ваеннымі інструктарамі).

Галоўным жа фактарам поспеху польскага боку стаў нацыянальна-патрыятычны ўздым, які спарадзіла наступленне бальшавікоў (тыя ж спадзяваліся на адваротны эфект – на бвастрэнне класавай варожасці і дапамогу польскіх пралетарыяў і сялян справе сусветнай рэвалюцыі). Гэтым разам палякі далёка не пайшлі – толькі да Мінска. Але і гэта стала ганебнай плямай для ўсёй бальшавіцкай прапаганды.

Некаторым лідарам тое паражэнне стрэмкаю засела на дзесяцігоддзі. Сталін таксама прымаў дзейсны ўдзел у кіраванні той праваленай кампаніяй, таму існаванне Польшчы яму муляла да самага верасня 1939 г. Дарэчы, савецкая прапаганда выстаўляла вайну супраць Польшчы як у цэлым выйграную, прызнаючы, аднак, пры гэтым такую загану, як адрыў часткі беларускага і ўкраінскага народаў (што стала адразу выдатным прэтэкстам для ўзнікнення неабходнасці іх аб’яднання – палітыкі, якая прывяла да падзей 1939 г.)

Між тым ва ўсходняй палітыцы польскага ўрада праяўлялася яўная перавага ўнітарнай канцэпцыі пабудовы дзяржавы. Федэрацыйная канцэпцыя Ю. Пілсудскага губляла моц не толькі з прычыны перавагі яе праціўнікаў, але і ў сілу сваёй канцэптуальнай састарэласці: погляды палкаводца былі звернуты ва ўчарашні дзень, што не давала яму шанцаў на іх рэалізацыю.

12 кастрычніка 1920 г. знясіленыя баямі бакі падпісалі прэлімінарны (папярэдні) мір. А 18 сакавіка 1921 г. у Рызе была заключана дамова, якая правяла савецка-польскую мяжу па этнічных землях Беларусі і Украіны. Калі гаварыць пра пераможцаў, дык у гэтым супрацьстаянні большы поспех атрымалі палякі. Прынамсі яны выстаялі. Гэта кардынальна разыходзілася з жаданнямі бальшавікоў.

У верасні 1920 г., пасля правалу наступлення на Варшаву, у палітычнай справаздачы ЦК ІХ Усерасійскай канферэнцыі РКП(б) Ленін прызнаўся не для друку («Я прошу записывать меньше: это не должно попасть в печать»), што наступам на захад яны імкнуліся дапамагчы саветызацыі Літвы і Польшчы:

«Перед нами встала новая задача. Оборонительный период войны со всемирным империализмом кончился, и мы можем и должны использовать военное положение для начала войны наступательной. <…> Мы будем пробовать теперь на них наступать, чтобы помочь советизации Польши».

Не атрымалася. Аднак у цэлым Ленін вельмі высока ацэньваў паход на Варшаву:

«У нас не хватило сил, мы не могли взять Варшаву и добить польских помещиков, белогвардейцев и капиталистов, но наша армия показала всему миру, что Версальский договор не есть такая сила, какой его изображают. <…> Красная Армия показала, что этот Версальский договор не так прочен. После этого Версальского договора наша армия показала, как разоренная Советская страна летом 1920 года была, благодаря этой Красной Армии, в нескольких шагах от полной победы. <…> Красная Армия доказала, что она отвечает на удары, однако у нее не хватило сил на победу в первый год, можно сказать, даже в первый месяц ее мирного строительства. Но за этим первым месяцем мирного строительства последуют годы, и с каждым таким годом она будет становиться в 10 раз более сильной».

Зрэшты, у хуткім часе Ленін памёр. А ў Сталіна стасоўна паходу на Варшаву былі зусім іншыя пачуцці і меркаванні. Аднак, нягледзячы на рознасць пазіцый савецкіх лідараў у дачыненні да гэтай тэмы, у іх меркаваннях не праглядалася наяўнасці Беларусі не толькі як нейкага фармальнага ўтварэння, але і пэўнай этнічнай вобласці, хаця падзеі разгортваліся галоўным чынам менавіта на яе тэрыторыі.


Издательство:
Электронная книгарня
Поделится: